КРЭ́ЎСКАЯ У́НІЯ 1385,
дзярж. саюз паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польшчай, заключаны 14.8.1385 у Крэўскім замку. Акт К.у. — дакументальнае зацвярджэнне вял. князем ВКЛ Ягайлам папярэдне прынятых абавязацельстваў перайсці ў каталіцтва і ахрысціць паводле лацінскага абраду ўсіх язычнікаў-літоўцаў, а таксама стварыць дзярж. саюз (унію) ВКЛ і Кароны Польскай. У акце зафіксавана таксама абяцанне польскіх паслоў ад імя сваёй дзяржавы аддаць кн. Ягайлу ў жонкі малалетнюю каралеву Ядвігу, а з ёю і польскую карону. Акт падпісалі Ягайла, князі Скіргайла, Лугвен, Карыбут, Вітаўт. Агульным гал. фактарам саюзу была барацьба абедзвюх дзяржаў з Тэўтонскім ордэнам, небяспека з боку якога ўзмацнілася і пагражала стратай зямель Польшчы і ВКЛ. Польская шляхта хацела спыніць ваенныя канфлікты з ВКЛ з-за Валыні, а каталіцкая царква — мірным шляхам ахрысціць апошні язычніцкі народ у Еўропе. 2.2.1386 на з’ездзе польскай шляхты ў Любліне Ягайлу абралі каралём Польшчы. Ён прыбыў у Кракаў, прыняў са сваімі братамі каталіцтва і атрымаў імя Уладзіслаў. 18.2.1386 Ягайла ажаніўся з Ядвігай, а 4.3.1386 быў каранаваны. Абедзве дзяржавы аб’ядноўваў адзін манарх (праўда, ненадоўга), але кожная з іх захоўвала сваю сістэму кіравання, праводзіла самаст. палітыку. Працягам К.у. была Віленска-Радамская унія 1401. Аддаленыя вынікі К.у. — даволі трывалы дзярж. саюз (трымаўся на персанальнай уніі) ВКЛ і Польшчы на працягу 14—16 ст., да заключэння Люблінскай уніі 1569, паступовае збліжэнне дзярж. інстытутаў ВКЛ і Польшчы, а таксама культ. збліжэнне вярхоў грамадства. Дзякуючы саюзу ўдалося ліквідаваць пагрозу з боку Тэўтонскага ордэна, перамагчы яго ў Грунвальдскай бітве 1410, адкрыць гандл. шляхі ў Зах. Еўропу. На ўсходзе ВКЛ з дапамогай Польшчы ўдалося стрымліваць націск з боку Маскоўскай дзяржавы. Адным з вынікаў уніі быў шырокі дыпламатычны выхад ВКЛ у Еўропу, а таксама культ. збліжэнне з інш. краінамі Еўропы.
А.П.Грыцкевіч.
т. 8, с. 541
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)